АСКІ́ЗСКАЯ КУЛЬТУРА,
археалагічная культура сярэдневяковых хакасаў (10—17 ст.), якія насялялі значную тэр. Пд Сібіры. Назва ад могільнікаў у даліне р. Аскіз у Хакасіі. Межы Аскізскай культуры супадаюць з межамі стараж.-хакаскай дзяржавы 10—12 ст. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй і земляробствам, жыло ў гарадах (вядома 5) і селішчах, будавала горныя каменныя крэпасці-сховішчы. Пахавальны абрад — трупаспаленне. У 10 — пач. 11 ст. каля курганоў узводзіліся каменныя стэлы з эпітафіямі. Аскізская культура вызначаецца вял. колькасцю якасных вырабаў з жалеза.
т. 2, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)